Дзень беларускага пісьменства

04.09.2021

Дзень беларускага пісьменства

   Штогод у першую нядзелю верасня наша краіна адзначае Дзень беларускага пісьменства. Першай сталіцай свята ў 1994 годзе быў старажытны Полацк, потым гасцей з усяго свету сустракалі Тураў, Навагрудак, Нясвіж, Орша, Пінск, Заслаўе, Мсціслаў, Мір, Камянец, Паставы, Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Глыбокае, Быхаў, Слонім і іншыя старажытныя культурныя цэнтры Беларусі.

   Сёлета Дзень беларускага пісьменства пад слоганам «Слова нас аб'ядноўвае» пройдзе 4–5 верасня ў Капылі Мінскай вобласці. Менавіта тут сустрэнуцца ўсе тыя, хто працуе дзеля захавання друкаванага слова, папулярызацыі традыцый нацыянальнай культуры і памнажэння духоўнасці беларускага народа. Галоўная тэма свята – Год народнага адзінства.

  Цэнтральнымі падзеямі Дня беларускага пісьменства стануць урачыстае адкрыццё, уручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, перадача эстафеты Добрушу – сталіцы Дня беларускага пісьменства ў 2022 годзе, адкрыццё помніка беларускаму пісьменніку, драматургу, літаратурнаму крытыку, перакладчыку, дзяржаўнаму і грамадскаму дзеячу, акадэміку Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Цішку Гартнаму, скульптурнай кампазіцыі, прысвечанай сталіцам Дня беларускага пісьменства, алеі пісьменнікаў Капыльскага раёна з QR-кодамі – наватарскага праекта Саюза мастакоў Беларусі.

   Штогод у першую нядзелю верасня адзначаецца нацыянальнае свята — Дзень беларускага пісьменства, якое для ўсіх нас мае вялікае значэнне.

   Як правіла, гэтае свята праводзіцца ў гарадах з багатай гістарычнай і культурнай спадчынай, старадаўніх цэнтрах асветы і кнігадрукавання.

   Свята тройчы прымаў Полацк (1994, 2003, 2017), двойчы — Тураў (1995, 2004), а таксама Заслаўе (2000, 2014); Навагрудак (1996), Нясвіж (1997), Орша (1998), Пінск (1999), Мір (2002), Камянец (2005), Паставы (2006), Барысаў (2008), Смаргонь (2009), Хойнікі (2010), Ганцавічы (2011), Глыбокае (2012), Шчучын (2015), Рагачоў (2016), Іванава (2018), Слонім (2019), Бялынічы (2020).

   Чарговае свята пройдзе ў Капылі ў верасні 2021 года. Дарэчы, тут жа ладзіцца і Мінскі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў сяла «Дажынкі».